ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп. авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл. Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская аавіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апараты Мінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец. навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш. Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)